From Wikipedia, the free encyclopedia
Бардакі́ (пры заснаваньні Лаха́нь, Лаха́нія) — даўні хутар, пазьней засьценак або аколіца. Дагэтуль існавала некаторая праблема лякалізацыі паселішча. На схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г. Бардакі зьмешчаныя блізка да памежжа сёньняшніх Брагінскага і Хвойніцкага раёнаў, нібыта паміж Губарэвічамі і Зьвяняцкім[lower-alpha 1]. На вайсковых тапаграфічных мапах XIX ст. Ф. Шубэрта і П. Тучкова, А. Фіцінгофа, І. Стрэльбіцкага Бардакі пазначаныя каля вёскі Вялікі Лес, што яшчэ нядаўна існавала на Брагіншчыне. Але там, згодна з мапамі РККА 1920 — 1930-х гг., знаходзілася вёска пад назвай Байдакі[lower-alpha 2][lower-alpha 3]. У кожным выпадку, паселішча Бардакі (Лаханія) месьцілася ў межах Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці Беларусі, аднак, за савецкімі часамі ўжо анідзе так не называлася.
Пра востраў Лаханскі, прыналежны да Астраглядавіцкага маёнтку, ці не ўпершыню згадана 8 кастрычніка 1581 году ў «wieczysto darownym» запісе пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага, Леську Федаровічу. 4-м і 5-м траўня 1592 году пазначаныя дакумэнты, перададзеныя ў земскі суд Кіеўскага ваяводзтва, што да справы абвінавачваньня ў хлопстве (нешляхецтве) вознага кіеўскага Леська (Лецка) Лаханскага[lower-alpha 4]. 12-м кастрычніка 1592 году датаваны дэкрэт Кіеўскага земскага суда адносна спрэчак паміж Шчасным Харлінскім і ўладальніцай часткі Брагінскіх добраў княгіняй-удавой Аляксандрай з Капустаў Вішнявецкай за востраў Лахань. Надалей справа накіроўвалася да Кароннага Трыбуналу[4][lower-alpha 5].
У судовым дэкрэце ад 7 чэрвеня 1623 году удава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родных братоў і сваякоў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Рашаў, Карчовае, Лаханію, Стралічаў, Паселічы, Малішаў[lower-alpha 6][6]. У 1627 годзе пані Гальшка (Гэлена) Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча (Абрамовіча)[7], жанатага зь яе дачкой Евай. У 1628 годзе з двух дымоў Лахані пана М. Абрагамовіча выплачвалася па 3 злотых[8]
8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[lower-alpha 7] Шчасны, сын Станіслава, Харлінскі нарэшце саступіў права на частку Астраглядаўскіх добраў пану Лукашу Мадлішэўскаму[lower-alpha 8], мужу ўдавы Гальшкі Харлінскай, за суму ў 60 000 польскіх злотых. У пераліку вёсак названая і Лахань[9].
Наступная зьвестка пра wieś Łuchanie з 2 дымамі, прыналежную да włości Choynickiej князя Канстанціна Яна Шуйскага, харунжага берасьцейскага, сустрэтая ў люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай 1683 года. Якая сума зь яе выплачвалася ня ўказана[10].
Згодна з інвэнтаром Астраглядаўскага маёнтку 1698 году, калі добры перадаваліся князем Дамінікам Шуйскім у кіраваньне пану Зыгмунту Шукшце, адзін двор у вёсцы Лаханія быў «w pustce», а з другога Іван Бардак мусіў выплачваць 4 злотыя і 15 грошаў чыншу, 2 бельцы даніны мядовай; іншыя павіннасьці выконваў «iako w Wielkim Boru», г. зн. – па 3 дні на розных працах што да паншчыны і яшчэ падводы. Паводле рэвізіі Хвойніцкага маёнтку, завершанай 2 красавіка 1716 года, у Лаханіі з двароў урочнікаў Івана Бардака і Васіля Мажэйкі выбіралася па 4 зл. і 15 гр. чыншу, па 2 бельцы мёду. У інвэнтары маёнтку Хвойнікі cum attinentiis (з прылегласьцямі) ад 20 сакавіка 1721 года, пададзеным былым пасэсарам біскупам валоскім Юзафатам Парышэвічам, плябанам астраглядавіцкім, князю Мікалаю, сыну Дамініка, Шуйскаму, запісана, што урочнік Хвеська Бардак з хутара Лаханія выплачваў 10 зл. чыншу і аддаваў 2 бельцы мёду[11].
У 1734 годзе futor Bardak(і) Хвойніцкага маёнтку[lower-alpha 10] належаў князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму[12].
У 1754 годзе з 4 двароў (×6 — каля 24 жыхароў) хутару Лахані альбо Бардакоў[lower-alpha 11] «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 18 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 2 злотых і 8 грошаў[13].
У 1768 годзе, згодна з адпаведным інвэнтаром, складзены рэестар пабору Астраглядаўскага ключа. З гаспадароў хутару Бардакі Яські, Івана, Архіпа і Якіма Бардакоў зьбіралася па 10 злотых чыншу ды ў якасьці падводнай павіннасьці яшчэ 113 злотых і 25 грошаў. Той жа чынш у 1770 годзе[14].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бардакі ў складзе Рэчыцкай акругі апынуліся ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[15].
Паводле расейскай рэвізіі 15 лістапада 1795 году, тады ў вёсцы Бардакі налічвалася 8 двароў з 25 душамі мужчынскага і 18 жаночага полу падданых. Усе жыхары зваліся Бардакамі. Самую вёску трымаў у трохгадовай (02.04.1794-02.04.1797) арэндзе ад дзедзічнай уладальніцы пані Людвікі з князёў Шуйскіх абознага Караля Прозара жонкі за плату ў 1833 чырвоных і 6 польскіх злотых шамбэлян двара польскага Ян, сын Уладыслава, Ястржэмбскі[16]. Мэтрычныя запісы 1795 і 1797 гадоў Сьвята-Траецкай царквы ў Астраглядавічах засьведчылі прыналежнасьць жыхароў вёскі Бардакі да яе прыходу. Прычым, сярод прозьвішчаў бардакоўцаў зьявіліся новыя — Ігнаценка, Кардаш (Кардашэнак) і Гуц[lower-alpha 12][17].
У ведамасьці Астраглядавіцкай царквы 1804 году сказана, што Бардакі, «владения господина Прозора», месьціліся за 10 вёрст ад яе[18]. Згодна з шляхецкай рэвізіяй, датаванай 3 сьнежня 1811 году, фальварак Тэрмапілы[lower-alpha 13] з 17 рэвізскімі душамі ў прыналежнай да яго вёсцы Бардакі трымаў у арэндзе ад паноў Прозараў Ян Казлоўскі (50 г.); разам зь ім жылі сыны Антоні (3 г.) і Францішак (1 г.)[lower-alpha 14][20]. У хуткім часе, аднак, пасэсар зьмяніўся. Дакумэнт, пазначаны 2 днём красавіка 1812 году, засьведчыў, што той фальварак Тэрмапілы з прылегласьцямі, які належаў пані Людвіцы з князёў Шуйскіх, жонцы абознага Караля, Прозаравай, аддадзены ў арэнду пану Ігнацыю Любанскаму за штогадовую выплату 1306 польскіх злотых[21]. Пасьля ў царкоўных мэтрыках за 1819, 1829, за 1830-я гады вёска Бардакі, яе жыхары неаднаразова згадваныя, але чым далей, болей людзі з прозьвішчам Бардак сустракаюцца сярод насельніцтва Рашаўцаў. На 1834 год жыхарамі ў Бардаках — 10 мужчын і 15 жанчын[22].
У кліравой ведамасьці за 1839 год царквы ў Астраглядах сказана, што ў Бардаках было ўсяго 2 і 1/4 двара, а ў іх – 11 душ верных мужчын і 18 жанчын[lower-alpha 15][23]. Мэтрычныя запісы, датаваныя 6 жніўня 1838 г. і 26 сакавіка 1839 г., засьведчылі, што кумамі ў параў сужэнцаў Якава і Ульяны Бардакоў, Савы і Марыны Бардакоў выступілі добрыя суседзі, жыхары вёскі Вялікі Лес[24]. У лістападзе і сьнежні 1839 году ад ліхаманкі (горячки) памерлі Тацяна (21 г.) і Алена (15 г.), дочкі ўжо нябожчыка Емяльяна Бардака[25]. 29 сакавіка 1840 году быў пахаваны Рыгор Васілеў Бардак (91 г.), памерлы ад старасьці[lower-alpha 16][26]. І гэта астатняя згадка, што да прыгонных жыхароў паселішча Бардакі.
5 чэрвеня 1840 году ў Астраглядавіцкай царкве зьдзейсьненая таямніца хросту немаўляці Іосіфа, бацькамі якога былі «деревни Бордаков арендовный владелец» рыма-каталік Антоні і праваслаўная Марыя Ляшчынскія[27]. У інвэнтары Хвойніцкага маёнтку 1844 году Бардакі, зразумела, ужо не згаданыя. Але на тапаграфічнай мапе Менскай губэрні 1846 году генэрал-маёра А. Фіцінгофа яшчэ пазначаныя фальварак і вёска Бардакі. Напэўна, гэта і быў фальварак Тэрмапілы, слаўная назва якога не «прыжылася» ў мясцовым, пераважна непісьменным людзкім асяродзьдзі[lower-alpha 17]. Тамсама, паблізу вёскі Вялікі Лес, Бардакі паказаныя і на мапе Ф. Шубэрта 1850 году з пазьнейшымі праўкамі. Аднак, на 1850 год у кліравой ведамасьці Астраглядаўскай царквы Бардакоў няма.
У парэформавы пэрыяд паселішча адміністрацыйна належала да Мікуліцкай воласьці. Але на той час гэта ўжо ня хутар і ня вёска. У мэтрычным запісе Мікуліцкай Богаяўленскай царквы 1864 году пры хросьце сына бацькоў зь вёскі Вялікі Лес сярод успрыймальнікаў згаданы аднадворац Вікенці Галяк з Бардакоў[28]. На пачатак 1870 году ў засьценку Бардакі на землях Астраглядавіцкага маёнтку паноў Прозараў жылі 22 аднадворцы, парафіяне касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, прыпісаныя да воласьці[29]. На «Специальной карте Европейской России» І. Стрэльбіцкага 1871 году[lower-alpha 18] Бардакі зьмешчаныя побач зь вёскай Вялікі Лес. У мэтрычных кнігах Астраглядаўскага касьцёлу 1876 г. засьведчана, што ў засьценку Бардакі жылі сяляне[lower-alpha 19] Галякі[30].
У выданьні «Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich» паведамляецца, што засьценак Bordaki Мікуліцкай воласьці на 1900 год складаўся з 4 сядзібаў[31][lower-alpha 20]. А на 1909 год у даведніку «Список населённых мест Минской губернии» сказана пра аколіцу Бардакоўскае ажно з 54 дварамі і 227 жыхарамі[32][lower-alpha 21].
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Бардакі ў складзе Мікуліцкай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[33].
1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
На даваенных мапах савецкіх часоў паселішча каля вёскі Вялікі Лес займела назву Байдакі. Тут, як засьведчана матэрыяламі Усесаюзнага перапісу 1926 году, у 31 двары жылі нашчадкі «разабранай» каталіцкай шляхты Галякі (прозьвішча-лідар), Цішкевічы, Каржанеўскія, Навіцкія, Парукевічы, Чарнецкія, Крывіцкія. Усяго — 63 асобы мужчынскага і 60 жаночага полу[34]. Прынамсі, некаторыя зь іх раней альбо жылі ў засьценку Байдакі, які паўстаў на месцы аднайменнай вёскі, альбо мелі зь яго жыхарамі сваяцкія стасункі. Засьценак той меў усяго 6 жыхароў на 1857 г. і ў хуткім часе спыніў існаваньне. Магчыма, гэтыя людзі выступілі ініцыятарамі перайменаваньня паселішча ў Байдакі, што ахвотна падтрымалі і новыя ўлады, хоць бы дзеля большай «мілагучнасьці» назвы.
Ад 8 сьнежня 1926 году новыя Байдакі — у складзе Мікуліцкага сельсавету Брагінскага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі БССР. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, паведамляецца, што ў названай аколіцы налічваўся ўсё той жа 31 двор, але ўжо 135 жыхароў, 100 % зь якіх складалі каталіцкія альбо «польскія» сем’і. Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Байдаках меркавалася арганізаваць калгас, машыннае і малочнае таварыствы[35]. З 20 лютага 1938 году Байдакі — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў 31 двары вёскі жылі 124 чалавекі. У верасьні 1942 і ліпені 1943 году паселішча цалкам зьнішчанае акупантамі[36]. Хутар Байдакі запусьцеў яшчэ да 1968 году, калі быў зьняты з уліку[37][lower-alpha 22].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.