From Wikipedia, the free encyclopedia
Антоніё Табукі (па-італьянску: Antonio Tabucchi; 24 верасьня 1943 — 25 сакавіка 2012) — італьянскі пісьменьнік, перакладчык і партугаліст. Выкладаў партугальскую мову й літаратуру ва ўнівэрсытэце Сіены. Ягоныя кнігі выйшлі ў 18 краінах сьвету, уключна зь Японіяй.
Антоніё Табукі | |
Antonio Tabucchi | |
Антоніё Табукі, 2008 год | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 24 верасьня 1943 Піза, Італія |
Памёр | 25 сакавіка 2012 (68 гадоў) Лісабон, Партугалія |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, філёляг, перакладчык |
Гады творчасьці | 1975—2012 |
Кірунак | раманіст |
Жанр | раман, кароткі аповед |
Мова | італьянская мова[1] і партугальская |
Дэбют | «Пляц Італіі» (Piazza d’Italia), 1975 |
Прэміі | Эўрапейская літаратурная прэмія (1998) |
Узнагароды | |
Антоніё Табукі нарадзіўся ў Пізе 24 верасьня 1943 году, але вырас у доме бабулі і дзядулі ў Вэк’яна (Vecchiano), вёсцы недалёка ад гораду. Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце ён зьдзейсьніў шматлікія вандроўкі ў Эўропу, па сьлядах улюбёных аўтараў, з чыімі творамі пазнаёміўся ў багатай бібліятэцы свайго дзядзькі па матчынай лініі. Падчас падарожжа ў Парыж, на лаўцы ля Ліёнскага вакзалу, знайшоў кнігу, падпісаную Альвара дэ Кампас. Гэта быў адзін з псэўданімаў партугальскага паэта Фэрнанду Пэсоа, які паўплываў на мастацкі сьветапогляд Табукі.
У 1969 годзе абараніў дысэртацыю на тэму сюррэалізму ў Партугаліі. Працягнуў навучаньне ў Scuola Normale Superiore ў Пізе ў сямідзясятых гадах і ў 1973 годзе пачаў выкладаць партугальскую мову і літаратуру ў Балёнскім унівэрсытэце.
У 1973 годзе напісаў «Piazza d’Italia» («Пляц Італіі», Бамп’яні, 1975), «народную казку ў трох частках». У 1978 годзе, калі яму прапанавалі выкладаць ва ўнівэрсытэце Генуі, выдае «Il piccolo naviglio» («Караблік»). У 1981 годзе ён выдае «Il gioco del rovescio e altri racconti» («Гульні навыварат і іншыя апавяданьні»), пасьля чаго «Donna di porto Pim» («Жанчына з порта Пім», Sellerio, 1983). У 1984 ягоны раман «Notturno indiano» («Індыйскі нактурн») мае вялікі посьпех (экранізацыя ў 1989 годзе). Галоўны герой раману — чалавек, які спрабуе адшукаць зьніклага бязь вестак сябра ў Індыі, але на самой справе знаходзіцца ў пошуку сваёй ідэнтычнасьці.
У 1985 годзе выдае «Piccoli equivoci senza importanza» («Нязначныя памылачкі»), а ў 1986 годзе «Il filo dell'orizzonte» («Лінія далягляду»).
З 1985 па 1987 год Антоніё Табукі займаў пасаду дырэктара Італьянскага інстытуту культуры ў Лісабоне. У 1987 годзе ён выдаў «I volatili del Beato Angelico» («Птушкі сьвятога Анжэліка») і «Pessoana Mínima» («Мінімальная пэсоана», Imprensa Nacional, Лісабон), атрымаў прыз Мэдычы за найлепшы замежны раман «Начны нактурн». У 1988 годзе ён напісаў камэдыю «I dialoghi mancati» («Згубленыя дыялёгі»). У 1989 годзе прэзыдэнт Партугальскай Рэспублікі даў А. Табукі Ордэн інфанты дона Энрыке і ў тым жа годзе пісьменьніку быў выдадзены ордэн мастацтва і літаратуры ад францускага ўраду. У 1990 годзе ён надрукаваў «Un baule pieno di gente» («Куфар, поўны людзей») і эсэ пра Фэрнанду Пэсоа, а ў наступным годзе «L’angelo nero» («Чорны анёл»). У 1992 годзе ён напісаў раман «Requiem» («Рэквіем») на партугальскай мове і выдаў «Sogni di sogni» («Сны сноў»).
1994 зьяўляецца вельмі важным годам у жыцьці Антоніё Табукі. Гэта год выданьня «Gli ultimi tre giorni di Fernando Pessoa» («Апошнія тры дні Фэрнанду Пэсоа»), але таксама раману, які праславіў Табукі ва ўсім сьвеце: «Sostiene Pereira» («Сьцьвярджае Пэрэйра»). Галоўны герой гэтага раману становіцца сымбалем абароны свабоды інфармацыі для палітычных апанэнтаў усіх антыдэмакратычных рэжымаў.
У 1997 годзе ён напісаў раман «La testa perduta di Damasceno Monteiro», заснаваны на рэальнай гісторыі пра чалавека, чыё цела было знойдзена ў парку. Было выяўлена, што чалавек быў забіты ў паліцэйскім участку Нацыянальнай рэспубліканскай гвардыі каля Лісабону. У 1997 годзе выдаў «Marconi, se ben mi ricordo» («Марконі, калі я добра памятаю», а ў наступным годзе «L’Automobile, la Nostalgie et l’Infini» («Аўтамабіль, Настальгія і Бясконцасьць»).
У 1998 годзе атрымаў прэмію Nossack акадэміі Ляйбніца. У 1999 годзе ён напісаў «Gli Zingari e il Rinascimento» («Цыгане і Адраджэньне») і «Ena poukamiso gemato likedes» («Кашуля з плямамі»). Сумневы, як плямы на сьвежа вымытай, белай кашулі. Місія кожнага інтэлектуала і кожнага пісьменьніка — выклікаць сумневы ў дасканаласьці, таму што дасканаласьць спараджае ідэалёгіі, дыктатараў і таталітарныя ідэі.
У 2001 годзе выдаў эпісталярны раман «Si sta facendo sempre più tardi» («Робіцца ўсё болей позна»). За гэтую кнігу ў 2002 годзе атрымаў прэмію France Culture для замежнай літаратуры. У 2004 годзе пісьменьнік выдаў раман «Tristano muore» («Трыстан памірае»).
Пісьменьнік жыве кожныя паўгоду ў Лісабоне ў родным горадзе сваёй жонкі, разам з двума дзецьмі. А другія паўгоду ў Таскане, выкладаючы літаратуру ва ўнівэрсытэце Сіены. Табукі не лічыў літаратуру прафэсіяй, а тым, што ўключае ў сябе жаданьні, мары і фантазіі.
Антоніё Табукі рабіў свой уклад у культурныя старонкі Corriere della Sera, El Pais.
Памёр 25 сакавіка 2012 году ў Лісабоне пасьля працяглай хваробы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.