Уладар пярсцёнкаў: Вяртанне караля
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Уладар пярсцёнкаў: Вяртанне караля» (англ.: The Lord of the Rings: The Return of the King) — эпічны прыгодніцкі фэнтэзі-фільм 2003 года рэжысёра Пітэра Джэксана[21]. Фільм з’яўляецца экранізацыяй рамана Дж. Р. Р. Толкіна «Вяртанне караля» (1955) — трэцяга тома трылогіі «Уладар Пярсцёнкаў». Прадзюсарамі фільма сталі Бары Осбарн[en], Пітэр Джэксан і Фрэн Уолш[en]. Сцэнарый фільма напісалі Фрэн Уолш[en], Філіпа Боенс і Пітэр Джэксан. У акцёрскі ансамбль фільма ўвайшлі Элайджа Вуд, Іэн Мак-Келен, Ліў Тайлер, Віга Мортэнсен, Шон Эсцін, Кейт Бланшэт, Джон Рыс-Дэвіс, Бернард Хіл, Білі Бойд[en], Домінік Монаган[en], Арланда Блум, Х’юга Уівінг, Міранда Ота[en], Дэвід Уэнэм[en], Карл Урбан[en], Джон Ноўбл[en], Эндзі Сэркіс[en], Іэн Холм, Шон Бін. Фільм стаў трэцяй часткай кінатрылогіі, завяршаючы гісторыю, распачатую ў фільмах «Уладар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка» (2001) і «Уладар пярсцёнкаў: Дзве вежы» (2002).
Падзеі кінастужкі працягваюць сюжэт «Дзвюх вежаў». Фрода і Сэм[en] пад павадырствам Голума[en] дасягаюць межаў Мордара[en]. Місія хобітаў, якая заключаецца ў знішчэнні Адзінага Пярсцёнка, пераходзіць у завяршаючую фазу, як і патаемны план іх правадніка. Тым часам Гандальф і Арагорн, Легалас і Гімлі, Мэры[en] і Піпін прыкладваюць усе намаганні, каб аб’яднаць людзей Серадзем’я для апошняга супрацьстаяння з Саўранам. І не толькі, каб абараніць вольныя землі ад яго легіёнаў, але і каб адцягнуць увагу Ворага ад перамяшчэнняў на яго ўласнай зямлі.
«Вяртанне караля» фінансавалася і распаўсюджвалася амерыканскай студыяй «New Line Cinema», але цалкам здымаліся і манціраваліся на радзіме рэжысёра ў Новай Зеландыі адначасова з іншымі часткамі трылогіі. Прэм’ера фільма адбылася 1 снежня 2003 года ў Тэатры «Embassy»[en] ў Уэлінгтане, а сусветны пракат пачаўся 17 снежня 2003 года. Фільм атрымаў прызнанне як сярод крытыкаў, так і сярод гледачоў. Фільм лічыцца важнай вяхай у кінавытворчасці і значнай падзеяй у развіцці жанра фэнтэзі ў кіно. Карціна атрымала пахвалы за візуальныя эфекты, акцёрскую ігру, экшан-сцэны, рэжысуру, сцэнарый, музыку, дызайн касцюмаў і эмацыянальную глыбіню. Фільм сабраў больш за 1,1 мільярда долараў па ўсім свеце, што зрабіла яго самым касавым фільмам 2003 года і другім самым касавым фільмам усіх часоў на момант яго выхаду, а таксама самым касавым фільмам, выпушчаным «New Line Cinema».
«Вяртанне караля», як і іншыя часткі трылогіі, лічыцца адным з найвялікшых і самых уплывовых фільмаў, сярод калі-небудзь створаных. Фільм атрымаў мноства узнагарод. На 76-й цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар» ён быў вылучаны ў 11 намінацыях — і перамог у кожнай, уключаючы Найлепшы фільм. Такім чынам, фільм паўтарыў рэкорд «Бен-Гура[en]» (1959) і «Тытаніка» (1997), якія ў свой час таксама ўдастоіліся 11 статуэтак. Кінастужка стала першым фэнтэзі-фільмам і другім фільмам-сіквелам (пасля «Хроснага бацькі 2»), удастоеным узнагароды за Найлепшы фільм. Апроч таго, трылогія стала другой кінасерыяй (пасля арыгінальнай трылогіі «Зорных войнаў»), усе фільмы якой атрымалі «Оскар» за Найлепшыя візуальныя эфекты.