Мышачная тканка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Цяглі́цавая тка́нка, або Цяглі́чная тка́нка, або Мы́шачная тка́нка, або Му́скульная тка́нка (лац.: textus muscularis) — тып тканкі, што ўтворана выцягнутымі мышачнымі клеткамі або мышачнымі валокнамі.
Характэрнай асаблівасцю мышачных валокнаў з'яўляецца наяўнасць у іх цытаплазме некалькіх ядраў. I мышачныя валокны, і мышачныя клеткі маюць у цытаплазме ўпарадкаваныя танюткія бялковыя ніці, якія забяспечваюць іх скарачэнне.
Адрозніваюць тры віды мышачнай тканкі: гладкую, папярочнапаласатую шкілетную і папярочнапаласатую сардэчную.
Гладкая (нясчэрчаная) мышачная тканка знаходзіцца ў сценках полых унутраных органаў (страўніка, кішэчніка і інш.) і крывяносных сасудаў. Яна складаецца з падоўжаных, завостраных на канцах клетак з адным ядром. Скарачаецца гладкая мышачная тканка міжвольна, без удзелу свядомасці.
Папярочнапаласатая шкілетная мышачная тканка прадстаўлена мнагаядзернымі мышачнымі валокнамі. У састаў мышачнага валакна ўваходзяць тоўстыя і тонкія бялковыя ніці. 3 прычыны іх неаднолькавай святлопраламляльнай здольнасці мышачныя валокны здаюцца папярочна счэрчанымі (адсюль іх назва). Папярочнапаласатая шкілетная мышачная тканка адрозніваецца ад гладкамышачнай тканкі не толькі будовай. Скарачэнні шкілетных мышцаў кантралююцца свядомасцю і забяспечваюць рух адных частак цела адносна другіх, перамяшчэнне арганізма ў прасторы, а таксама ажыццяўленне мімічных рэакцый.
Папярочнапаласатая сардэчная мышачная тканка складаецца з мышачных валокнаў, паміж якімі маюцца спецыяльныя кантакты. Яны забяспечваюць вельмі хуткую перадачу ўзбуджэння ад адной клеткі да другой. Сардэчная мышца, як і гладкая мышачная тканка, скарачаецца міжвольна. Але ў залежнасці ад стану арганізма і характару работы, якая выконваецца, сіла яе скарачэнняў можа павялічвацца або змяншацца.