Лісоўчыкі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Лісоўчыкі — назва нерэгулярных падраздзяленняў лёгкай кавалерыі Рэчы Паспалітай у 1608—1630-х гг. Атрымалі назву ад свайго першапачатковага кіраўніка Аляксандра Юзафа Лісоўскага — таленавітага военачальніка, беларускага шляхціча з Віленшчыны[1][2]. Прымалі ўдзел у вайне Рэчы Паспалітай з Масковіяй, Трыццацігадовай вайне, у бітвах супраць туркаў-асманаў. Тагачасныя гістарычныя крыніцы характарызуюць іх надзвычай спрытнымі, ваяўнічымі і крыважэрнымі.
У адрозненне ад рэгулярных падраздзяленняў конніцы, паслугі лісоўчыкаў не аплочваліся жалаваннем са скарбу Рэчы Паспалітай. Таму лісоўчыкаў наймалі, даючы ім права здабыцця ваенных трафеяў, якія былі іх адзінай аплатай за службу. Заслужылі страх і пагарду цывільнага насельніцтва, сумнеўна праславіўшыся колькасцю ўчыненых імі гвалтаў (рабаванні, згвалтаванні, забойствы і іншыя). Аднак былі паважаны супернікамі за высокае баявое майстэрства.
Лісоўчыкі ваявалі манеўрана, не цягалі за сабой абозу, не накоплівалі ўмацаваных табараў. Паводле ўзбраення яны адносіліся да казакоў ці татараў (мінімум засцерагальных даспехаў, лук, стрэльба, шабля, сагайдак). Вербаваліся з добраахвотнікаў — дробнай шляхты і мяшчан ВКЛ.
Не грэбавалі нават рабаваннем на землях уласнай дзяржавы. Таму польскі кароль Жыгімонт III стараўся трымаць іх як мага далей ад Рэчы Паспалітай. У рэшце рэшт лісоўчыкі былі распушчаны ў 1635 годзе.