Знесеныя ветрам (фільм)
фільм / From Wikipedia, the free encyclopedia
«Знесеныя ветрам» (англ.: Gone with the Wind) — амерыканскі эпічны гістарычна-рамантычны фільм 1939 года, заснаваны на рамане Маргарэт Мітчэл «Знесеныя ветрам» 1936 года. Быў створаны прадзюсарам Дэвідам Сэлзнікам з кампаніі «Selznick International Pictures» і рэжысёрам Віктарам Флемінгам. Фільм, дзеянне якога адбываецца на поўдні ЗША падчас грамадзянскай вайны і эпохі Рэканструкцыі, распавядае гісторыю Скарлет О'Хара, валявой дачкі плантатара Джорджыі, яе рамантычных пачуццяў да Эшлі Уілкса, жанатага з сваёй стрыечнай сястрой Мелані Гамільтан, і яе ўлюба з Рэтам Батлерам. Галоўныя ролі ў фільме выканалі Кларк Гейбл (Рэт), Віўен Лі (Скарлет), Лэслі Ховард (Эшлі) і Алівія дэ Хэвіленд (Мелані).
Працэс вытворчасці фільма зацягнуўся з самага пачатку. Здымкі былі адкладзены на два гады для таго, каб галоўную ролю мог згуляць Кларк Гейбл, і для «пошукаў Скарлет», падчас якіх праслухоўванне прайшлі каля 1400 жанчын. Арыгінальны сцэнарый быў напісаны Сідні Ховардам, але зведаў шмат змен некалькіх аўтараў, каб фільм меў неабходную працягласць. Першапачаткова наняты рэжысёр Джордж К’юкар быў звольнены неўзабаве пасля пачатку здымак і быў заменены Віктарам Флемінгам, якога, у сваю чаргу, на кароткі час замяніў Сэм Вуд, пакуль Флемінг браў перапынак з-за знясілення.
Фільм атрымаў станоўчыя водгукі пасля свайго выхаду ў снежні 1939 года, аднак некаторыя крытыкі палічылі, што ён быў раздзьмутым і што яму бракавала драматызму. Падбор акцёраў быў ацэнены вельмі высока, і многія аглядальнікі адзначылі, што Віўен Лі асабліва падыйшла на роль Скарлет. На 12-й цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар» карціна атрымала 10 узнагарод (8 конкурсных і 2 ганаровыя) з 13 намінацый, у тым ліку ўзнагароды за «найлепшы фільм», «найлепшага рэжысёра» (Віктар Флемінг), «найлепшы адаптаваны сцэнарый» (пасмяротна прысуджана Сідні Ховарду), «найлепшую жаночую ролю» (Віўен Лі), «найлепшую жаночую ролю другога плану» (Хэці Мак-Дэніэл, стала першай афраамерыканкай, якая атрымала «Оскар»). На той час лента стала рэкорднай па агульнай колькасці перамог і намінацый Амерыканскай кінаакадэміі. Фільм быў надзвычай папулярным і стаў самым прыбытковым у гісторыі на той час, захоўваючы гэты рэкорд на працягу больш чым 25 гадоў. Улічваючы карэкціроўку грашовай інфляцыі, карціна да гэтага часу з’яўляецца самай паспяховай у гісторыі касавых збораў.
Фільм быў падвергнуты крытыцы як гістарычны рэвізіянізм, які ўслаўляе рабства, аднак, тым не менш, лічыцца, што ён ініцыяваў змены ў адлюстраванні афраамерыканцаў у кіно. Карціна перыядычна перавыпускалася на працягу 20 стагоддзя і ўкаранілася ў папулярнай культуры. Лента лічыцца адным з найвялікшых фільмаў усіх часоў; яна знаходзіцца ў топ-10 спісу найлепшых амерыканскіх фільмаў па версіі Амерыканскага кінаінстытута з 1998 года, калі спіс быў створаны, а ў 1989 годзе карціна была абараная Бібліятэкай Кангрэса ЗША для захавання ў Нацыянальным рэестры фільмаў.