Грабніца антыпапы Яна XXIII
Надмагільны помнік з бронзы і мармуру ў Фларэнцыі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Грабні́ца антыпа́пы Я́на XXIII — надмагільны помнік з бронзы і мармуру, які створаны Данатэла і Мікелоца і знаходзіцца ў баптыстэрыі сабора Санта-Марыя-дэль-Ф’ёрэ (Дуома), дзе антыпапа Ян XXIII (Бальтазар Коса, каля 1360—1419). Яе збудаванне было замоўлена душапрыказчыкамі Яна неўзабаве пасля яго сканання 22 снежня 1419 года і завершана ў 1420-я гады; такім чынам, яна стала вяхой у гісторыі ранняга Рэнесансу ў Фларэнцыі. Па Фердынанду Грэгоравіусу, грабніца ўяўляе сабой «адначасова магілу Вялікай схізмы ў Царкве і апошнюю грабніцу Папы за межамі Рыма»[1].
У свой час Ян быў цесна звязаны з Фларэнцыяй, якая лічыла яго законным пантыфікам падчас Вялікай схізмы. Існуе меркаванне, што пахаванне ў фларэнційскім баптыстэрыі было спробай надаць легітымнасць яго пантыфікату, звязаўшы яго з ушанаваным святым месцам[2]. Выкарыстанне папскай сімволікі ў надмагіллі, як і сама сувязь Фларэнцыі з Косай, былі вытлумачаны як абраза выбранага на Канстанцкім саборы Марціна V[2] і спроба падняць аўтарытэт Медычы, а сама грабніца была прызнана непрыстойнай для грамадзяніна Фларэнцыі[3].
У афармленні грабніцы скарыстаны стаячыя ў нішах статуі трох хрысціянскіх дабрадзейнасцей (Веры, Надзеі і Любові), фамільны герб Косы, а таксама бронзавая пазалочаная фігура, якая ляжыць на саркафагу, які ў сваю чаргу стаіць на кансолях; над ёй знаходзіцца выява Мадонны з немаўлём у паўмесяцы, а ўсю кампазіцыю ахінае балдахін. На момант завяршэння гэта было самае высокае скульптурнае збудаванне ў Фларэнцыі[4] і адно з нешматлікіх пахаванняў, размешчаных у баптыстэрыі ці саборы, які знаходзіцца па суседстве[5]. Гэта была таксама першая з некалькіх сумесных прац Данатэла і Мікелоца, і прыналежнасць разцу таго ці іншага некаторых элементаў грабніцы ў свой час была прадметам дыскусій у асяроддзі мастацтвазнаўцаў.