Віктар Амадэй II
From Wikipedia, the free encyclopedia
Віктар Амадэй II (італ.: Vittorio Amedeo II; 14 мая 1666 — 31 кастрычніка 1732) — герцаг Савойскі ў 1675—1730 гадах, кароль Сіцыліі ў 1713—1720 гадах, кароль Сардзінскага каралеўства ў 1720—1730 гадах. Сын Карла Эмануіла II.
Шлюб з Ганнай Марыяй Арлеанскай, пляменніцай Людовіка XIV уцягнуў яго ў залежнасць ад Францыі. У 1690 годзе далучыўся да антыфранцузскай Аўгсбургскай лізе; у 1696 годзе, не дамогшыся ад Іспаніі перадачы яму, як саюзніку, Ламбардыі, заключыў з Францыяй мірны дагавор у Турыне (пацверджаны Рысвікскім дагаворам 1697).
У вайне за іспанскую спадчыну спачатку выступаў саюзнікам Францыі і выдаў сваю дачку за французскага прэтэндэнта на іспанскі трон Філіпа V, але ў 1703 годзе перайшоў у лагер праціўнікаў Францыі, якая не згаджалася на перадачу яму Ламбардыі.
Паводле Утрэхцкага мірнага дагавора (1713) атрымаў востраў Сіцылію, Ніцу і тытул караля.
Па выніках Вайны чацвярнога саюза быў вымушаны саступіць Сіцылію Аўстрыі, атрымаўшы наўзамен востраў Сардзінію, і ўтварыў разам з П’емонтам, Ніцай і Савояй новае Сардзінскае каралеўства.
Ва ўнутранай палітыцы праводзіў курс асветнага абсалютызму. У 1730 годзе адрокся ад прастола на карысць сына Карла Эмануіла III. У 1731 годзе здзейсніў беспаспяховую спробу вярнуць сабе ўладу. Быў схоплены сынам і памёр у няволі.
Заснавальнік Турынскага ўніверсітэта.