Бензін
From Wikipedia, the free encyclopedia
Бензі́н — сумесь лёгкіх вуглевадародаў з тэмпературай кіпення ад 30 да 200 °C. Шчыльнасць каля 0,75 г/см². Цеплатворная здольнасць прыкладна 10500 ккал/кг (46 МДж/кг). Гаручая вадкасць. Прызначаны для ўжывання ў якасці паліва. Атрымліваецца шляхам перагонкі нафты, гідракрэкінгам і, пры неабходнасці далейшай араматызацыі — каталітычным крэкінгам і рыформінгам. Для адмысловых бензінаў характэрна дадатковая ачыстка ад непажаданых кампанентаў і змешванне з карыснымі дадаткамі.
Вядомы асобныя выпадкі, калі для вытворчасці бензінаў ужываецца і іншая вуглевадародная сыравіна. Магчымы адгон бензінавых фракцый са смол паўкаксавання і каксавання з дадатковай іх ачысткай (напрыклад у Эстонскай ССР бензін вырабляўся з гаручых сланцаў). Вырабляюцца бензіны і з сінтэз-газу (прадукт газіфікацыі вугля, канверсіі метану) пры дапамозе сінтын-працэсу (сінтэз Фішэра - Тропша), прадукты такой тэхналогіі — сінтын і кагазіны.
«Класічная» тэхналогія вытворчасці аўтамабільнага бензіну на сучасных НПЗ прадугледжвае яго кампаўндаванне (змешванне) з некалькіх складнікаў, галоўнымі з якіх з'яўляюцца:
- прамагонны бензін (лёгкая нафта)
- ізамерызат (прадукт ізамерызацыі папярэдняга)
- рыфармат (прадукт рыформінгу цяжкай нафты)
- бензін каталітычнага крэкінгу (прадукт раскладання цяжкіх фракцый першаснай перагонкі)
- алкілат (прадукт алкілавання папярэдняга)
- бензін гідракрэкінгу (прадукт раскладання найболей цяжкіх вадкіх фракцый, якія засталіся пасля атмасфернай, а затым вакуумнай перагонкі)
- мадыфікавальныя прысадкі і дадаткі.
Найпростая схема атрымання аўтамабільнага бензіну ўлучае адбор лёгкіх фракцый падчас грубай перагонкі нафты саматужным спосабам (у т.зв. «самаварах») з наступным падвышэннем актанавага ліку даданнем вялікай колькасці прысадак («бадзяжніцтва»).