Псыхічны разлад
From Wikipedia, the free encyclopedia
Псыхі́чны разла́д (душэўны разлад) — стан псыхікі, адрозны ад нармальнага ці здаровага, у шырокім сэнсе. Аднак гэты тэрмін можа мець больш прыватнае значэньне ў такіх галінах, як юрыспрудэнцыя, псыхіятрыя і псыхалёгія. Супрацьлегласьцю псыхічнага разладу зьяўляецца псыхічнае здароўе. Людзі, якія здольныя прыстасавацца да ўмоваў жыцьця і вырашыць жыцьцёвыя праблемы, звычайна ацэньваюцца як псыхічна здаровыя[1]. Калі ж гэтыя здольнасьці абмежаваныя і чалавек не спраўляецца з паўсядзённымі задачамі ў асабістым, сямейным жыцьці або на працы, калі ён ня ў стане дасягнуць асабістых мэтаў, то можа ісьці гаворка аб той ці іншай ступені псыхічнага разладу[1].
Прадстаўленьні пра тое, што зьяўляецца, а што не зьяўляецца псыхічным разладам, зьмяняюцца разам з разьвіцьцём навукі. Напрыклад, сацыяфобія яшчэ пару дзесяцігодзьдзяў таму не лічылася псыхічным разладам, а людзі, якія пакутвалі ад гэтае хваробы, лічыліся проста асабліва сарамлівымі. І наадварот, гомасэксуальнасьць некалькі дзесяцігодзьдзяў таму лічылася псыхічныя разладам, якія патрабаваў лячэньня, а паводле сучаснага Міжнароднага клясыфікатара хваробаў 10-га перагляду сама празь сябе сэксуальная арыентацыя як разлад разглядацца ня можа — толькі псыхалягічныя праблемы, якія ўзьнікаюць у сувязі зь ёй (F66), клясыфікуюцца як хваробы.
Псыхічнае захворваньне цягне зьмены і парушэньні ў сфэры пачуцьцяў, мысьленьня, паводзінаў, і разам з гэтым амаль заўсёды адбываюцца зьмены саматычных функцыяў арганізму[2]. Стварэньне пасьпяховых псыхалягічных і мэдыкамэнтозных мэтадаў лячэньня магчыма пры супрацоўніцтве мэдыцыны і псыхалёгіі і разглядзе псыхічных разладаў з розных пунктаў гледжаньня[2]. Паводле дадзеных СААЗ, кожны чацьвёрты ці пяты чалавек у сьвеце мае псыхічны або паводніцкі разлад. Прычыны многіх псыхічных разладаў да канца ня вызначаны. Маецца шэраг прыкметаў і сымптомаў, пры зьяўленьні якіх спэцыялісты рэкамэндуюць зьвяртацца на прафэсійную дапамогу[3].
На 2014 год, паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, налічвалася 450 млн людзей (6,3% насельніцтва Зямлі) з душэўнымі хваробамі, у тым ліку 300 тысячаў чалавек у Беларусі (3,2% насельніцтва краіны)[4]. У 2011 годзе ў Беларусі мужчыны гінулі ад душэўных разладаў амаль утрая часьцей за жанчынаў[5].