Гусарыя
элітная кавалерыя Рэчы Паспалітай / From Wikipedia, the free encyclopedia
Гуса́рыя[1] альбо крыла́тыя гуса́ры (па-польску: husaria) — элітная кавалерыя Рэчы Паспалітай, якая дзейнічала на палёх баёў з пачатку XVI да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя[2], спэцыялізавалася на «праломліваньні» баявых парадкаў варожай коньніцы або пяхоты канцэнтраваным дзідавым кавалерыйскім ударам[3][4]. Гусарыя была створана на рубяжы XV—XVI стагодзьдзяў[5] і ўяўляла зь сябе атрады цяжкай кавалерыі са спэцыфічнай тактыкай, узбраеньнем, камплектаваньнем і мела лёгка пазнавальныя адметныя атрыбуты — крылы (мацаваліся рознымі спосабамі за сьпінай вершніка), вельмі доўгія пікі з прапарцамі і зьвярыныя шкуры. Крылатыя гусары на многія дзесяцігодзьдзі былі асноўнай ударнай сілай войска Рэчы Паспалітай, у адрозьненьне ад звычайных гусараў, якія былі лёгкай кавалерыяй і дапаможнымі падразьдзяленьнямі.
- Гэта артыкул пра цяжкую кавалерыю Рэчы Паспалітай. Калі вам патрэбны артыкул пра лёгкаўзброеную кавалерыю XV—XX стагодзьдзяў, глядзіце артыкул Гусары.
Гусарыя | |
Узор гусарскага дасьпеху з крыламі сяр. XVII ст., з экспазыцыі ў Мірскім замку | |
Гады існаваньня | XVI—XVIII стагодзьдзі |
---|---|
Краіна | Рэч Паспалітая (Вялікае Княства Літоўскае, Карона Польская) |
Тып | Цяжкая кавалерыя |
Функцыя | Асноўная частка войска Рэчы Паспалітай |
Камандная структура | Гуфы (2—4 харугвы да 400 коней), харугвы (100—200 коней) |
Мянушкі | Крылатая кавалерыя, крылатыя гусары |
Колеры | Чырвоныя кунтушы, белыя крылы |
Узбраеньне | доўгія пікі, канчары |
Гусарыя была падразьдзяленьнем народнага аўтарамэнту — наёмнага войска Рэчы Паспалітай. Найбольш шматлікай і баяздольнай часткай войска Рэчы Паспалітай была кавалерыя, у якой гусары складалі значную частку[6][7]. Астатнія роды войскаў адыгрывалі ў войску Рэчы Паспалітай дапаможную ролю: ўзаемадзеяньне пяхоты і артылерыі з кавалерыяй было наладжанае дрэнна, таму кавалерыя і самая яе баяздольная частка гусарыя зьяўляліся асноўнай ваеннай сілай тагачаснага войска. Доўгі час крылатыя гусары ня мелі сабе роўных у Эўропе, іхныя атакі ня раз здабывалі перамогу Каралеўству Польскаму і Вялікаму Княству Літоўскаму[8].