Грабніца антыпапы Яна XXIII
From Wikipedia, the free encyclopedia
Грабні́ца антыпа́пы Я́на XXIII — надмагільны помнік з бронзы і мармуру, створаны Данатэльлё і Мікелёцьцё, які знаходзіцца ў баптыстэрыі сабору Санта-Марыя-дэль-Ф’ёрэ (Дуома), дзе пахаваны антыпапа Ян XXIII (Бальтазар Коса, каля 1360—1419). Яе збудаваньне было замоўленае душапрыказчыкамі Яна неўзабаве пасьля ягонага скананьня 22 сьнежня 1419 году і завершанае ў 1420-я гады; такім чынам, яна стала вяхой у гісторыі раньняга Рэнэсансу ў Флярэнцыі. Паводле Фэрдынанда Грыгаравіюса, грабніца ўяўляе сабой «адначасова магілу Вялікай схізмы ў Царкве і апошнюю грабніцу Папы па-за межамі Рыму»[1].
Помнік | |
2005 г. | |
Краіна | Італія |
Горад | Флярэнцыя |
Адрас | Саборная плошча(en) |
Каардынаты | 43°46′23″ пн. ш. 11°15′18″ у. д. |
Канфэсія | Каталіцкае хрысьціянства |
Эпархія | Флярэнтыйская(en) |
Тып будынка | Хрысьцільня(en) |
Архітэктурны стыль | Раманскі |
Аўтар праекту | Данатэльлё Бардзі, Мікелёцьцё Мікелёцьці(en) |
Будаўнік | Артэ дзі Калімала(en) |
Заснавальнік | Джавані дзі Бічы дэ Мэдычы(en) |
Першае згадваньне | Верасень 1428 |
Дата заснаваньня | Верасень 1428 |
Будаваньне | 22 сьнежня 1419—верасень 1428 |
Прыбудоўкі | Баптыстэры Сьвятога Яна |
Статус | Італьянская нацыянальная спадчына[d] |
Стан | Дзейны |
Сайт | Афіцыйны сайт |
Грабніца антыпапы Яна XXIII | |
Грабніца антыпапы Яна XXIII на Вікісховішчы |
У свой час Ян быў цесна зьвязаны з Флярэнцыяй, якая лічыла яго законным пантыфікам падчас Вялікай схізмы. Існуе меркаваньне, што пахаваньне ў флярэнтыйскім баптыстэрыі было спробай надаць легітымнасьць яго пантыфікату, зьвязаўшы яго з ушанаваным сьвятым месцам[2]. Выкарыстаньне папскай сымболікі ў надмагільлі, як і сама сувязь Флярэнцыі з Косай, былі вытлумачаныя як абраза выбранага на Канстанцкім саборы Марціна V[2] і спроба падняць аўтарытэт Мэдычы, а сама грабніца была прызнаная непрыстойнай для грамадзяніна Флярэнцыі[3].
У афармленьні грабніцы скарыстаныя стаячыя ў нішах статуі трох хрысьціянскіх дабрадзейнасьцяў (Веры, Надзеі і Любові), фамільны герб Косы, а таксама бронзавая пазалочаная фігура, якая ляжыць на саркафагу, які, у сваю чаргу, стаіць на кансолях; над ёй знаходзіцца выява Мадонны зь немаўлём у паўмесяцы, а ўсю кампазыцыю ахінае балдахін. На момант завяршэньня гэта было самае высокае скульптурнае збудаваньне ў Флярэнцыі[4] і адно зь нешматлікіх пахаваньняў, разьмешчаных у баптыстэрыі ці саборы, які знаходзіцца па суседзтве[5]. Гэта была таксама першая зь некалькіх сумесных працаў Данатэльлё і Мікелёцьцё, і прыналежнасьць разцу таго ці іншага некаторых элемэнтаў грабніцы ў свой час была прадметам дыскусій у асяродзьдзі мастацтвазнаўцаў.