Аб’яднаныя Арабскія Эміраты
From Wikipedia, the free encyclopedia
Аб’ядна́ныя Ара́бскія Эміра́ты (па-арабску: الإمارات العربيّة المتّحدة) — арабская краіна на Блізкім Усходзе, месьціцца на ўзьбярэжжы Пэрсыдзкай і Аманскай затокаў. Складаецца зь сямі эміратаў, як то Абу Дабі, Дубай, Шарджа, Аджман, Ум-эль-Кайвайн, Рас-эль-Хайма і Эль-Фуджайра. Мяжуе з Саудаўскай Арабіяй і Аманам, акрамя таго дзяржава мае марскую мяжу з Катарам і Іранам. Сталіцай краіны ёсьць горад Абу Дабі, але найбуйнейшым местам ААЭ ёсьць Дубай.
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ёсьць выбарнай манархіяй і фактычнай фэдэрацыяй эміратаў. Кожны эмірат кіруецца сваім манархам, які ўваходзіць у Найвышэйшую фэдэральную раду. Сябры рады абіраюць з свайго складу прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта. Фактычна шэйх Абу Дабі звычайна займае пасаду прэзідэнту, у той час як шэйх Дубаю ёсьць віцэ-прэзыдэнтам і прэм’ер-міністрам[9]. Паводле стану на 2023 год насельніцтва краіны складала 10,2 мільёнаў чалавек[10], пры гэтым толькі крыху больш за 10% былі грамадзянамі эміратаў, а іншыя — працоўныя мігранты[11]. Праваабарончыя арганізацыі лічаць ААЭ неадпавядальнымі стандартам у галіне правоў чалавека, спасылаючыся на паведамленьні аб зьняволеньні і катаваньнях крытыкаў ураду, перасьледах сем’яў з боку апарату дзяржаўнай бясьпекі і выпадках гвалтоўных зьнікненьняў[12][13]. Індывідуальныя правы, як то свабода сходаў, асацыяцыяў, друку, выказваньня меркаваньняў і рэлігіі, таксама жорстка ўціскаюцца ў краіне[14].